Жазэ ды Аншыета
Жазэ ды Аншыета | |
---|---|
ісп.: José de Anchieta | |
Дата нараджэння | 19 сакавіка 1534[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 чэрвеня 1597[1][3][…] (63 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
У ліку | каталіцкі святы |
Дзень памяці | 9 чэрвеня |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Хасэ дэ Анчыета (ісп.: José de Anchieta), Жазэ́ ды Аншые́та (парт.: José de Anchieta; 19 сакавіка 1534, Сан-Крыстобаль-дэ-ла-Лагуна — 9 чэрвеня 1597, Рэрытыба) — езуіцкі місіянер іспанска-канарскага[4][5] паходжання ў Паўднёвай Амерыцы, святы Рымска-Каталіцкай Царквы. Кананізаваны 3 красавіка 2014 года. Дзень шанавання — 9 чэрвеня.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Жазэ ды Аншыета нарадзіўся ў Сан-Крыстобаль-дэ-ла-Лагуна на востраве Тэнэрыфэ (Канарскія астравы, Іспанія) у сям’і Хуана Лопеса дэ Анчыеты і Менсіі Дыяс Клавіха. Хуан Лопес быў баскам, перасяліўся на востраў пасля няўдалага паўстання супраць Карла V. Менсія Дыяс была дачкой хрышчонага яўрэя з Кастыліі.
У 14 гадоў Жазэ пераехаў у Партугалію для навучання ў Каімбрскім ўніверсітэце. У 1551 годзе прыняты ў ордэн езуітаў. З прычыны туберкулёзу костак стан яго здароўя пагоршыўся. Таму ў 1553 годзе яго накіравалі ў Бразілію, дзе разам з іншымі 12 місіянерамі ён заснаваў паселішча Сан-Паўлу, дзе займаўся хрысціянізацыяй індзейцаў тупі, вывучаў іх мову.
У 1555 годзе частка індзейцаў усходу Бразіліі паўстала супраць партугальцаў і перайшла на бок французскіх каланістаў-гугенотаў. Жазэ ды Аншыета ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць французаў, вёў перамовы з індзейскімі правадырамі, каля 3 месяцаў заставаўся сярод іх як пасол. Склаў план каланізацыі Бразіліі, які прадугледжваў вылучэнне часткі зямель для індзейскіх місіянерскіх вёсак. У 1574 годзе план ухвалены каралём.
Пасля заканчэння вайны ў 1570 годзе Жазэ выкладаў у езуіцкім калегіуме ў Рыа-дэ-Жанэйра. У 1577—1591 гадах узначальваў езуіцкую місію ў Рэрытыбе, дзе працягваў вывучэнне індзейскай культуры і прыроды Бразіліі. Памёр 9 чэрвеня 1597 года пасля працяглай хваробы.
Шанаванне
[правіць | правіць зыходнік]Нягледзячы на сталыя праблемы са здароўем, Жазэ ды Аншыета шмат вандраваў па Бразіліі, пры гэтым лічыўся «бацькам беднякоў, лекарам хворых і пацярпелых, дарадцам губернатараў, але, перш за ўсё, сябрам і абаронцам індзейцаў у іх вёсках»[6]. Яму прыпісваліся цуды лекавання, уменне паднімацца ў паветра падчас пропаведзяў для тупі. Аднойчы з дапамогай божага слова ён нібы абараніўся ад ягуара. Пасля смерці грабніцу Жазэ наведвалі тыя, хто хацеў абараніцца ад дзікіх звяроў. Часам яго называюць апосталам і бацькам хрысціян Бразіліі.
22 чэрвеня 1980 года беатыфікаваны Папам Янам Паўлам II. 3 красавіка 2014 года кананізаваны Папам Францыскам.
Святы Жазэ ды Аншыета глыбока шануецца ў Бразіліі і на Канарскіх астравах.
Літаратурная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Жазэ ды Аншыета пакінуў багатую эпісталярную спадчыну[7][8], у тым ліку нататкі пра гістарычныя падзеі, індзейскую культуру і прыроду Бразіліі. Таксама ён аўтар тэатральных відовішчаў, рэлігійных вершаў Poema à Virgem і паэмы De Beata Virgine Dei Matre Maria у стылі барока.
Апублікаваныя пры жыцці працы:
- De gestis Mendi de Saa, Каімбра, 1563 — паэма пра змаганне партугальцаў супраць французаў у Бразіліі
- Arte de Gramática da Língua mais Usada na Costa do Brasil, Каімбра, 1595 — першая граматыка і слоўнік мовы тупі
Лісты і творы пісаў на лацінскай, іспанскай, партугальскай мовах і мове тупі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Roux P. d. Nouveau Dictionnaire des œuvres de tous les temps et tous les pays — 2 — Éditions Robert Laffont, 1994. — Vol. 1. — P. 87. — ISBN 978-2-221-06888-5
- ↑ а б Musica Brasilis Project
- ↑ Jose de Anchieta // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Anchieta, José de (1534—1597)
- ↑ June 9th — Blessed Blessed Joseph Anchieta, SJ
- ↑ Saint José de Anchieta — The Society of Jesus
- ↑ JOSÉ DE ANCHIETA: CARTAS, INFORMAÇÕES, FRAGMENTOS HISTÓRICOS E SERMÕES
- ↑ UNA CARTA INÉDITA DEL APÓSTOL DEL BRASIL, BEATO JOSÉ DE ANCHIETA, AL REY FELIPE II
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Leal, A.H. Apontamentos para a história dos jesuítas no Brasil — Brasília: Senado Federal, Conselho Editorial, 2012 ISBN 978-85-7018-410-8
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нарадзіліся 19 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1534 годзе
- Нарадзіліся ў Каралеўстве Кастылія і Леон
- Памерлі 9 чэрвеня
- Памерлі ў 1597 годзе
- Выпускнікі Каімбрскага ўніверсітэта
- Асобы
- Святыя паводле алфавіта
- Каталіцкія святыя
- Нарадзіліся на Канарскіх астравах
- Святыя Бразіліі
- Святыя Іспаніі
- Вучоныя-езуіты
- Пісьменнікі-святары
- Пісьменнікі Бразіліі
- Іспанамоўныя пісьменнікі
- Партугаламоўныя пісьменнікі
- Лацінамоўныя пісьменнікі
- Шматмоўныя пісьменнікі
- Даследчыкі Паўднёвай Амерыкі
- Каталіцкія місіянеры
- Памерлі ў Эспірыту-Санту